Раённая сустэча ў рамках рэспубліканскага праекта “Сустрэчы на ўсе 100!”
18 марта 2019
16 сакавіка 2019 года на базе дзяржаўнай установы адукацыі “Краснасельскі раённы цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” адбылася раённая сустэча ў рамках рэспубліканскага праекта “Сустрэчы на ўсе 100!” са знакамітым земляком, гісторыкам, краяведам і калекцыянерам – Міхасём Уладзіміравічам Вераціла.
Беларускі калекцыянер, краязнаўца, мастак, археолаг, паэт Міхась Вераціла (Міхаіл Уладзіміравіч) нарадзіўся 11 студзеня 1937 г. у в. Навасёлкі Ваўкавыскага раёна. З 1955 года працаваў у вытворчым аб’яднанні “Ваўкавыскцэментнашыфер” (электрыкам, слесарам, маляром, мастаком). Са школьных гадоў ён цікавіўся геалогіяй, гісторыяй, краязнаўствам, археалогіяй. Працаваў на Ваўкавыскім (Краснасельскім) цэментным заводзе электрыкам, маляром, мастаком-афарміцелем. Служыў на Балтыйскім флоце. Самастойна даследаваў Краснасельскія крэмнездабываюыя шахты. З жонкай Любай адкрыў могільнік культуры шарападобных амфар, фінальны палеаліт на Ваўкавышчыне і паселiшча ранняга жалезнага веку каля пасёлка Краснасельскі. Выратаваў для Беларусі пахаванне старажытнага шахцёра. Сабраў багатую калекцыю паштовых марак, манет, бонаў, этнаграфічных і археалагічных артэфактаў і заснаваў Краснасельскі музей. Ён з’яўляецца аўтарам памятніка піянерам-героям у вёсцы Карпаўцы і мемарыяльнай дошкі на прахадной старога заводу.
Як мастак па інтэр’ерах афармляў аб’екты культуры на Гродзеншчыне: Гудзевіцкі літаратурна-этнаграфічны музей, кактэйль-бар у санаторыі-прафілакторыі “Пралеска”, класы ў ДУА “Сярэдняя школа г. п. Краснасельскі” , дзе кіраваў клубам дзіцячай творчасці «Умелыя рукі» (1974-1986 гг.).Выканаў многія помнікі і мемарыяльныя дошкі ў Ваўкавыскім, Мастоўскім, Бераставіцкім раёнах, адрэстаўраваў шматлікія археалагічныя экспанаты для музеяў Мінска, Гродна, Гудзевічаў, Ваўкавыска. Напісаў і апублікаваў шмат папулярных і навуковых артыкулаў па нумізматыцы, археалогіі, этнаграфіі. Выявіў і вывучаў старажытныя помнікі на Ваўкавышчыне: могільнік культуры шарападобных амфар, крэмнездабываючыя шахты каля мястэчка Краснасельскае, старажытнаславянскае паселішча ля Навасёлак, раннехрысціянскія могільнікі, уніяцкую драўляную царкву на могільніку ў вёсцы Калантаі. Як разьбяр па дрэве ўдзельнічае ў выставах з 1974 года. Друкуе вершы і апавяданні.
Раённая сустрэча прайшла ў сяброўскай, цёплай абстаноўцы. Міхась Уладзіміравіч паведаміў пра сябе, распавёў аб сваім жыцці, творчай дзейнасці. Піянеры з цікавасцю задавалі пытанні госцю, паспяшылі атрымаць аўтограф і сфатаграфавацца з Міхасём Уладзіміравічам.
Нам вельмі пашанцавала, што мы маем такую магчымасць сустрэцца з цікавай асобай нашай Малой радзімы, з такім знакамітым чалавекам, які з’яўляецца нашым земляком!